13—16 лютага 2014 года ў Мінску адбыўся Трэці міжнародны паэтычны фестываль “Вершы на асфальце” памяці Міхася Стральцова. Арганізатары фестывалю — Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр. Партнёры — Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Інстытут імя Гётэ ў Мінску, Польскі Інстытут у Мінску, Шведскі саюз пісьменнікаў, грамадска-культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі”.

На Фестывалі выступілі літаратары з Беларусі, Ісландыі, Польшчы, Украіны, Расіі, Літвы. У праграме — міжнародны праект “Magnus Ducatus Poesis – Вялікае Княства Паэзіі”, Слэм-Сэйшн, паэтычныя чытанні, прэзентацыі новых кніг, у тым ліку ­— серый “Пункт адліку” і “Кнігарня пісьменніка”, зборніка пераможцаў конкурсу імя Максіма Танка, а таксама электронных выданняў BYBOOKS. Была прэзентаваная кніга Віславы Шымборскай “Канец і пачатак” з удзелам польскіх паэтаў і беларускія перакладчыкаў. У межах Фестывалю таксама былі музычныя выступы і паказ першага прафесійнага буктрэйлера.